МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

сярэдняя спец. навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Існавала ў 1864—1920. Засн. ў Маладзечне на базе Маладзечанскай прагімназіі. Тэрмін навучання 2, з 1870—3, з 1907—4 гады. Выкладаліся: Закон Божы, гісторыя правасл. царквы, заалогія, батаніка, арыфметыка, геаметрыя, царк.-слав. і рус. мовы і л-ра, гісторыя і геаграфія Расіі, методыка выкладання, асновы педагогікі і інш. Пры семінарыі існавала ўзорнае вучылішча, дзе семінарысты праходзілі практыку; была абсталявана метэаралагічная пляцоўка. У ёй выкладалі бел. этнографы-фалькларысты М.Я.Нікіфароўскі, Ю.Ф.Крачкоўскі. У 1915 пераведзена ў Смаленск. За 50 гадоў семінарыю скончылі 2 тыс. чал. Сярод навучэнцаў І.А.Біч, Ф.І.Валынец, А.Р.Капуцкі, П.В.Мятла, С.А.Рак-Міхайлоўскі, М.Чарот і інш.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)